Адрас: 223232, Мінская вобл., г. Чэрвень,
пл. Свабоды, 1

E-mail: isp@cherven.minsk-region.by (для дзелавой перапіскі), электронныя звароты для зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб

Тэлефон: +375 (1714) 2-60-51

Факс: +375 (1714) 2-82-32

Рэжым працы: Пн.-Пт., 8:00 - 17:00, абед 13:00-14:00, вых. Сб.-Вс.

КУДЫ ЗВЯРНУЦЦА

24.03.2020 10:50

Краязнаўчыя вандроўкі з чэрвеньскім аматарскім клубам «Бонда»: пра этнаграфічную экспедыцыю графа Тышкевіча і не толькі…

Краязнаўчыя вандроўкі з чэрвеньскім аматарскім клубам «Бонда»: пра этнаграфічную экспедыцыю графа Тышкевіча і не толькі…

(Працяг. Пачатак у публікацыі за 18 сакавіка) Накіроўваючыся да наступнага аб’екта нашага вандравання ў Вілейцы, мы ўбачылі цікавы помнік, прысвечаны краязнаўчай экспедыцыі па рацэ Віліі, якое пачалося 5 чэрвеня 1857 года і доўжылася чатыры месяцы.

Ініцыятарам экспедыцыі быў граф Канстанцін Тышкевіч. Ён сабраў зацікаўленых людзей, сярод якіх былі інжынеры, мастакі, вучоныя, этнографы – некалькі дзесяткаў чалавек. На пяці караблях экспецыцыя адправілася па рацэ. Яна прайшла вялікі шлях ад вёскі Камена да Коўна (Каунас). У час падарожжа экспедыцыя пабыла ў 295 вёсках і мястэчках, на некалькі дзён затрымалася ў Вілейцы.

Падчас экспедыцыі былі апісаны найбольш цікавыя прыбрэжныя мясціны, архітэктура замкаў, цэркваў, касцёлаў, вывучалася этнаграфія і фальклор, гісторыя гандлю і рыбалоўства на Віліі. Вынікам падарожжа стала надрукаваная ў 1871 годзе ў Дрэздэне манаграфія “Вілія і яе берагі”. Помнік гэтаму падарожжу быў устаноўлены ў 2007 годзе. На вялізным валуне – дзяўчына сумуе па свайму каханаму. Па словах нашага экскурсавода Івана Сацукевіча, існуе легенда аб тым, адкуль бярэ свой пачатак рака Вілія: “Жылі на свеце кравец Сцяпан і яго каханая Улляна. Сцяпан быў вельмі вялікім майстрам сваёй справы і працаваў вельмі шмат. Ён, нават, не супыняў свой занятак і ў нядзелю, чым вызваў гнеў Божы. І Бог ператварыў яго у камень. Улляна ж, доўга пралівала слёзы на свайму каханаму, ажно з іх утварылася цэлая рака…”

Затым мы наведалі незвычайны мемарыял у Вілейцы, адзіны ў Беларусі – “Памяці былых вёсак”. За апошнія паўстагоддзя з карты раёна знікла 253 населеных пункта па розных прычынах. Падчас калектывізацыі хутары пераносілі ў вёскі, у Вялікую Айчынную вайну некаторыя вёскі былі спалены фашыстамі. Частку вёсак паглынула Вілейскае водасховішча. У музеі пад адкрытым небам устаноўлены валуны, прысвечаныя сельсаветам і Вілейцы. На кожным з іх — таблічка са спісам населеных пунктаў, якія канулі ў гісторыю. Адзін з валуноў зроблены ў выглядзе звана, які накрыў пяць вёсак. Іх спасціг лёс Хатыні. У цэнтры мемарыяла – вялізны 25-тонны валун з надпісам: “Прыпыніся, вандроўнік! Дакраніся і рукой, і сэрцам да гэтых камянёў і няхай душа твая напоўніцца любоўю да роднай вёскі, роднай сядзібы і хаты, якія знёс бязлітасным подыхам няўмольны час. Няхай заўсёды будуць з табой пачуццё нашчадка сваіх блізкіх і далёкіх продкаў, адчуванне сваіх каранёў, Бацькаўшчыны”.

Мы з цікавасцю даведаліся пра тое, што кіраўнік нашага краязнаўчага клуба “Бонда” Станіслава Баркоўская родам з мястэчка Сухі Бор Жарскага сельсавета, якога таксама няма ўжо на карце Вілейскага раёна. А Станіслава Чаславаўна мела магчымасць дакрануцца да валуна, узгадаць свае родныя мясціны…

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.

Фота аўтара

(працяг будзе)

3 разоў (а)