Адрас: 223232, Мінская вобл., г. Чэрвень,
пл. Свабоды, 1

E-mail: isp@cherven.minsk-region.by (для дзелавой перапіскі), электронныя звароты для зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб

Тэлефон: +375 (1714) 2-60-51

Факс: +375 (1714) 2-82-32

Рэжым працы: Пн.-Пт., 8:00 - 17:00, абед 13:00-14:00, вых. Сб.-Вс.

КУДЫ ЗВЯРНУЦЦА

19.07.2019 17:01

Жанчыны на вайне: жыхарка вёскі Рудня Чэрвеньскага раёна Лідзія Васільеўна Ракузава была медсястрой палявога эвакшпiталя

Жанчыны на вайне: жыхарка вёскі Рудня Чэрвеньскага раёна Лідзія Васільеўна Ракузава была медсястрой палявога эвакшпiталя

Гаворачы аб салдатах і ваеначальніках, працаўніках тылу, мы часам забываемся пра тых, хто падчас Вялікай Айчыннай вайны на перадавой выносіў на сваіх плячах параненых, пра тых, чыімі намаганнямі былі вернутыя ў строй дзясяткі тысяч воінаў, пра тых, хто набліжаў перамогу - пра медсясцёр…

Сёння Лідзіі Васільеўне ідзе 93-й год, але яе памяць надзейна захоўвае тыя жудасныя месяцы работы ў шпіталі. Сямнаццацігадовай дзяўчынай трапіла яна туды разам з двума сяброўкамі...

Пасля вызвалення роднай вёскі Юшкі Мсціслаўскага раёна прыехаў ваенны, капітан, набіраць дзяўчат. У лютым 1944 года Лідзія Ракузава (у той час Палугодкава) пасля кароткай вучобы ўжо ў красавіку трапіла ў шпіталь, які стаяў у 12 кіламетрах у Мсціслава ў вёсцы Курманава.

- Параненыя былі размеркаваны па хатах, - распавядае Лідзія Васільеўна. - Не паспелі яшчэ як след разабрацца, што да чаго, паступіў загад, згортвацца. Згарнуліся і падаліся на станцыю «Цёмны лес», адтуль да Крычава і далей на вёску Прусiна. Тут недалёка праходзіла лінія фронту. Пачалі паступаць параненыя. Іх таксама размяркоўвалі па хатах... Раптам наляцелі самалёты нямецкія, як пачалі бамбіць... Зноў згортваць... Так і ішлі за фронтам...

Калі ў чэрвені 1944 гады пачалася аперацыя «Баграціён», параненых станавілася ўсё больш. Пад Наваградкам у нашым шпіталі іх было больш за тысячу. Спякота невыносная. У шпіталі было ўжо пяць аддзяленняў. Я трапіла ў хірургічнае. Гэта самае цяжкае аддзяленне. Салдацікі з чэрапнымі раненнямі, іх стрыгчы трэба тэрмінова, апераваць. Кроў, бруд - адмываць. А як яны трывалі такія страшныя болі?! Шкада іх было - не перадаць... Цырульнік быў у нас толькі адзін. Далі мне загад - за тры дні навучыцца стрыгчы. Як ўстала я ў перавязачнай ля стала, плачу, а лязо то не рэжа, тупое... Дзень і ноч апрацоўвалі параненых, пакуль самі не падалі ад стомленасці...

Колькі іх, салдацікаў, падрыхтавала да аперацый! Іншы раз косткі тырчаць, параненыя плачуць і мы разам з імі. А колькі іх абгарэлых! Аднаго зусім маладзенькага танкіста не магу забыць да гэтага часу. Увесь быў абгарэлы ... Як жа яны пакутавалі, гаротныя... Сяджу аднойчы ў салдаціка з чэрапных раненнем, задрамала сама ад стомы, адкрываю вочы, а ён ужо не жывы...

Не баяліся мы нічога: ні крыві, ні смерці. Нехта ж павінен быў рабіць гэтую працу ...

Паціху рухаліся ўслед за фронтам. Пайшлі далей на Польшчу. Там размясціўся наш шпіталь у мястэчку Хойнікі, потым далей накіраваліся ва Ўсходнюю Прусію. Ехалі начамі - баяліся бамбёжак. Пад Кенігсбергам быў апошнi прыпынак нашага шпіталя. Харчаванне для параненых было добрае. Пад канец вайны іх станавілася ўсё менш. Там і канца яе дачакаліся. Такая радасць! Трэба ж адзначыць. Упершыню тую чарку ў руку ўзяла...

Некаторых з нас дэмабілізавалі, а некаторых пакінулі яшчэ працаваць да кастрычніка 1945 года, у тым ліку і мяне. Заставаліся ў лякарні толькі лёгка параненыя...

Падчас вайны медыкі працавалі суткі напралёт. Пасля хірургічных аперацый менавіта медсёстры выходжвалі параненых. Іх прафесіяналізм і сардэчная падтрымка завяршалі справа рук лекараў.

Медыцынскія сёстры ў рэдкія вольныя хвіліны гутарылі з салдатамі, пісалі за іх лісты родным, нават чыталі вершы і спявалі... Былі сярод сястрычак і загінулыя: маладыя, поўныя сіл дзяўчыны, работніцы самой мірнай і высакароднай прафесіі на зямлі. Працу медсясцёр палявых шпіталяў можна параўнаць з перадавой... Менавіта дзякуючы іх самаадданай працы, эвакашпіталь станавіўся паўнавартаснай прыфрантавой лячэбнай і рэабілітацыйнай установай, дзе не толькі своечасова аперавалі, але і выходжвалі параненых і рыхтавалі іх да працягу ваеннай службы або працы ў тыле...

Вярнулася Лідзія Васільеўна дадому. А хаты - няма. У зямлянцы - маці і трое дзяцей. Голад, холад...

- Айца і старэйшага брата забралі на фронт, - кажа далей Лідзія Васільеўна. - Айцу давялося ваяваць нядоўга: неўзабаве загінуў. Ляжыць у брацкай магіле ў Шклоўскім раёне. А брат загінуў 23 красавіка 1945 гады ў Германіі. Там і пахаваны. Мы ведаем дзе: у брацкай магіле пад Берлінам. Там усё дагледжана. Унучка праз Інтэрнэт знайшла. Ад брата атрымлівала лісты. Апошнi захаваўся:

«Дарагая сястра Ліда! Знаходжуся на тэрыторыі Германіі, на першым украінскім фронце. Працягваем біць фрыцаў. Асаблівых навінаў тут няма. З дому атрымаў ліст, мама піша, што забілі Косціка Кушарава, Піліпа Церашкова і Пецьку Бондзiкава. Больш пісаць няма чаго. Застаюся жывы і здаровы, твой брат Іосіф... Вельмі чакаю адказу...»

- Трэба было жыць далей, - працягвае жанчына. Скончыла паўтарагадовы курсы медсясцёр у Мсціславе. Накіравалі мяне на Гарадзеншчыну ў Свіслацкі раён. А там калектывізацыя ішла. Страшна было. Забівалі актывістаў: настаўнікаў, прадстаўнікоў улады...

Лёс захоўваў Лідзію ад бяды: ні куля, ні бомба падчас вайны не нашкодзілі дзяўчыне. А тут аднойчы падчас дзяжурства заляцела ў акно шаравая маланка. Застыла Лідзія са страхам... А тая, праляцеўшы міма, трапіла ў суседні пакой. Там і выбухнула. Загінула іншая медсястра...
Збегла адтуль дзяўчына на сваю Мсціслаўшчыну. А там ужо сястра купіла дом ў вёсцы, суседняй з роднай. Паехала да яе. Паставілі акушэркай на Пячонкаўскi ФАП.

- А я - медсястра. Ну што ты будзеш рабіць? - працягвае Лідзія Васільеўна. - Узялася за працу: і роды прымала, і дзяцей малых патраніравала. Аднойчы парадзіху-цыганку везла ў Мсціслаў на санях. А зіма, мароз, завіруха! А ў той роды пачаліся, прама ў санях. А жанчына - першародка. Але нарадзіла дзіця хутка. Пагналі каня да бліжэйшай вёскі, папрасіліся ў дом. Абагрэлі нас і мы вярнуліся дадому. Дзякуй Богу, усё абышлося. Чатыры гады працавала на ФАПе. Людзей было шмат, дапамогі ніякай. Неўзабаве знайшоўся фельчар з адукацыяй адпаведнай. Мяне перавялі ў Курманава, у стацыянар медсястрой працаваць...

За самаадданую працу ў шпіталі Лідзія Васільеўна была прадстаўлена да ўзнагароды - медаля «За баявыя заслугі». Праўда, гэты медаль доўга шукаў сваю ўладальніцу, ды так і не знайшоў: згубіўся недзе. А вось сведчанне жанчыне ўручылі: ваеннаслужачай радавога складу. Яно выпісаныя 9 верасня 1953 года.

Выйшла жанчына замуж. Муж - інвалід, атрымаў траўму падчас ваеннай службы, потым захварэў на сухоты. Шмат давялося ёй працаваць: за дваіх. З медыцыны сышла ў сельскую гаспадарку: так распарадзіўся лёс. Працавала на палявых працах. І дома гаспадарка была. Усюды паспявала. Мужнасць, зацятасць, працаздольнасць і аптымізм гэтай маленькай цікавай жанчыны заўсёды дапамагалі справіцца з усімі цяжкасцямі. Нарадзіліся ў сям'і дзве дачкі. Муж даўно пайшоў з жыцця, амаль дваццаць гадоў таму.

Усе гэтыя гады жыве Лідзія Васільеўна разам з дачкой Таццянай і зяцем Станіславам, акружаная любоўю і клопатам. Дапамагла ім ўнукаў гадаваць. Можа хто і не паверыць - жанчына сама чытае газеты, у тым ліку і «раёнку», цікавіцца ўсім: што адбываецца ў краіне, у раёне. А потым абмяркоўвае ўсё гэта з зяцем, прычым, на ўсе мае свой пункт гледжання...

Перад святкаваннем Дня Незалежнасці і 75-годдзем з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў работнікі райваенкамата ўручылі Лідзіі Васільеўне юбілейны медаль «75 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў».

Таццяна Марцьянава.

Фота аўтара і з архіва Лідзіі Ракузавай. На здымку брат Лідзіі Васільеўны - Іосіф злева.

42 разоў (а)