Адрас: 223232, Мінская вобл., г. Чэрвень,
пл. Свабоды, 1

E-mail: isp@cherven.minsk-region.by (для дзелавой перапіскі), электронныя звароты для зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб

Тэлефон: +375 (1714) 2-60-51

Факс: +375 (1714) 2-82-32

Рэжым працы: Пн.-Пт., 8:00 - 17:00, абед 13:00-14:00, вых. Сб.-Вс.

КУДЫ ЗВЯРНУЦЦА

18.07.2019 18:20

Лукашэнка прапануе да 20-годдзя саюзнага дагавора зняць усе праблемныя пытанні ў адносінах Беларусі і Расіі

Лукашэнка прапануе да 20-годдзя саюзнага дагавора зняць усе праблемныя пытанні ў адносінах Беларусі і Расіі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапануе да 20-годдзя саюзнага дагавора ў снежні 2019 года зняць усе праблемныя пытанні ў адносінах Беларусі і Расіі. Аб гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў сёння на перагаворах з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У снежні 20 гадоў нашаму саюзнаму дагавору. Ні адной праблемы, я так мяркую, мы не павінны вынесці за межы гэтага тэрміну. Гэта нас падганяе. Што мы будзем гаварыць у 20-годдзе? Няма чаго будзе сказаць, калі мы не знімем усе пытанні, якія ёсць, і не падпішам праграму, якая вызначыць стратэгію нашых сумесных дзеянняў. Таму я прапаную зняць усе пытанні да гэтай даты. І ў рамках Вышэйшага дзяржсавета, або як мы дамовімся, усё гэта зацвердзіць. І праграму, якая вызначыць стратэгію нашых дзеянняў, і зняць бягучыя праблемы", - сказаў беларускі лідар.

Уладзімір Пуцін адзначыў неабходнасць прадоўжыць дыскусіі, пачатыя яшчэ напярэдадні на нефармальнай сустрэчы, а таксама абмеркаваць пытанні міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. "Усё гэта вельмі важна, цікава, перспектыўна і карысна. У нас працуе ўрадавая камісія, якая, спадзяюся, сёння нам даложыць аб выніках работы па далейшым развіцці Саюзнай дзяржавы. У гэтым годзе ў нас юбілей у снежні. Таму мы з Аляксандрам Рыгоравічам вырашылі прааналізаваць усё, што зроблена ў рамках саюзнага дагавора, што не зроблена, па якіх прычынах. І выпрацаваць прымальныя для нашых краін шляхі далейшага развіцця інтэграцыі", - сказаў расійскі лідар.

Ён асабліва падкрэсліў, што Беларусь, безумоўна, з'яўляецца самым блізкім стратэгічным партнёрам і саюзнікам Расіі. "Мы працуем па ўсіх напрамках. І ў сферы бяспекі, і ваеннай справы, у абаронцы, у эканоміцы. У нас расце тавараабарот, што не можа не радаваць. Расія - буйнейшы інвестар у эканоміку Беларусі", - дадаў Уладзімір Пуцін.

"Але ёсць і пытанні, якія заўсёды ў рамках такой вялікай сумеснай работы ўзнікаюць. Спадзяюся, што і сённяшняя сустрэча пойдзе на карысць для таго, каб рухацца далей", - сказаў Прэзідэнт Расіі.

Аляксандр Лукашэнка ў адказ адзначыў супадзенне поглядаў з расійскім лідарам. Ён дадаў: "Мы часам зацягваем вырашэнне нейкіх пытанняў (па аб'ектыўных і суб'ектыўных прычынах) і прыйшлі да такога моманту, калі трэба ўжо не проста гаварыць, а прымаць рашэнне. Ад нас гэтага ўжо чакаюць не толькі журналісты, спецыялісты, але і звычайныя людзі. Гэта праўда. Таму момант характарызуецца тым, што трэба прымаць рашэнне".

"Што датычыцца нас з Уладзімірам Уладзіміравічам, прэзідэнты свой шлях прайшлі. Мы не раз сустракаліся - і ў Сочы, і ў Маскве, і ў іншых месцах. І нас нават падкрытыкоўвалі за тое, што мы часта сустракаемся і нібыта не вырашаем. Мы ўсё вырашылі - тое, што намячалі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы вызначылі нават канкрэтныя дзеянні. Як сказаў Уладзімір Уладзіміравіч, стварылі сумесную групу на ўзроўні ўрадаў. Цяпер працуюць урады. Гэта значыць, прэзідэнты выканалі сваю місію, адыгралі сваю ролю, вызначылі ўсё, што ад нас патрабуецца", - падкрэсліў ён.

"Мы маем сёння праграму. Гэта больш-менш стратэгічны дакумент. І мы сёння маем вялікі аб'ём, можна сказаць па-народнаму, кучу бягучых праблем. Група і ўрады гэтыя праблемы бачаць. І праграму выпрацавалі, якая, паводле ўрадавых ацэнак, на 80-90 працэнтаў узгоднена", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

"Я не хачу, каб потым нехта з журналістаў або спецыялістаў нас крытыкаваў, што беларусы, Лукашэнка зноў патрабуюць вырашэння канкрэтных пытанняў. Канкрэтныя пытанні ляжаць на паверхні. Калі іх не вырашыць, гаварыць аб стратэгіі проста будзе смешна. Таму я падтрымліваю прапанову нашых урадаў аб тым, што мы павінны адначасова вырашыць усе праблемы да 20-годдзя нашага саюзнага дагавора - да 8 снежня. Часу дастаткова", - рэзюмаваў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Ён таксама падзякаваў Уладзіміру Пуціну за паездку па святых мясцінах напярэдадні ў час нефармальнай сустрэчы. "Гэта не проста была нейкая азнаямленчая экскурсія. Нашы вытокі там. Нашы карані там - нашай веры, моцных, сапраўдных людзей. Не думаю, што Прэзідэнт Расіі кагосьці вось так вадзіў за руку і паказваў, ведаючы дакладна гэтыя ўсе мясціны. Я вельмі цаню, што вы ўчора мяне так правялі і паказалі ўсё гэта. Думка ў мяне была аб тым, як нам - беларусам - прадоўжыць гэты шлях на Валааме і ў іншых нашых манастырах. Тым больш беларусаў мы там шмат сустракалі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Сустрэча прэзідэнтаў дзвюх краін папярэднічае іх удзелу ў пленарным пасяджэнні VI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Як паведамлялася, у цэнтры ўвагі будуць пытанні развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй. Бакі таксама абмяркуюць узаемадзеянне ў рамках Саюзнай дзяржавы.

Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін сустракаліся ў нефармальнай абстаноўцы. Яны наведалі Спаса-Праабражэнскі Валаамскі мужчынскі манастыр і Канеўскі Раства-Багародзічны мужчынскі манастыр, размешчаныя на астравах у Ладажскім возеры.

Аб'ём беларуска-расійскага гандлю таварамі ў 2018 годзе склаў $35,5 млрд (109,4 працэнта да ўзроўню 2017 года), экспарт - $12,9 млрд, імпарт - $22,6 млрд. Тавараабарот у студзені-маі 2019 года быў $13,8 млрд. У студзені-сакавіку 2019 года на долю Расіі прыпадала $1,2 млрд, або 40,9 працэнта агульнага аб'ёму прыцягнутых у Беларусь замежных інвестыцый.

54 разоў (а)