Адрес: 223232, Минская обл., г.Червень,
пл. Свободы, 1

E-mail: isp@cherven.minsk-region.by (для деловой переписки), электронные обращения для обращений граждан и юридических лиц

Телефон: +375 (1714) 2-60-51

Факс: +375 (1714) 2-82-32

Режим работы: Пн.-Пт., 8:00 - 17:00, обед 13:00-14:00, вых. Сб.-Вс.

КУДА ОБРАТИТЬСЯ

Четверг, 10 января 2019 года, 15:17

70 — гадовы юбілей: сэрца, аддадзенае дзецям

70 — гадовы юбілей: сэрца, аддадзенае дзецям

Днямі прывабная жанчына, цудоўная маці і бабуля, выдатны педагог Эма Міхайлаўна АНЦІПЕНКА адзначыла 70-гадовы юбілей.

Настаўніцай яна стала невыпадкова. Гэтай прафесіяй, на выбар якой паўплывалі ўрокі гісторыі настаўніцы Ларысы Барысаўны Ганчаровай, зацікавілася ў старэйшых класах чэрвенскай сярэдняй школы №2. Скончыўшы школу з сярэбраным медалем і здаўшы адзін экзамен па гісторыі на “выдатна”, паступіла ў Мінскі педагагічны інстытут імя М.Горкага (зараз педуніверсітэт імя М.Танка) на гістарычны факультэт. Атрымала спецыяльнасць настаўнік гісторыі і грамадазнаўства і была накіравана ў Слабадскую школу пад Мозырам Гомельскай вобласці, дзе выкладала гісторыю, геаграфію, вяла танцавальны гурток.

Тут пазнаёмілася са сваім мужам – Сяргеям Дзмітрыевічам, які скончыў Гомельскі педагагічны ўніверсітэт, факультэт фізкультуры.
Жылля ў маладых не было, жылі на прыватнай кватэры, чакалі дзіця, таму вырашылі прыехаць у Чэрвень на радзіму Эмы. Сяргей Дзмітрыевіч пайшоў працаваць у камітэт па фізічнай культуры райвыканкама.

Калі дачушцы Ірынцы споўнілася толькі два месяцы, запрасілі Эму Міхайлаўну на работу ў СШ №3. Яе мама ўзяла на сябе клопаты пра ўнучку…
Маладая сімпатычная настаўніца, якая цікава выкладала прадмет, хутка заваявала павагу і любоў вучняў. І калі ў 1977 годзе ў горадзе была пабудавана чацвёртая сярэдняя школа, Эму Міхайлаўну запрасілі сюды. Спачатку выкладала гісторыю, праз дзесяць гадоў яе назначылі завучам па вучэбна-выхаваўчай рабоце, а потым — дырэктарам. 27 гадоў адшчыравала на гэтай пасадзе.

— Дырэктар толькі тады дабіваецца поспеху, калі ў яго ёсць каманда, — лічыць Эма Міхайлаўна. – З часам у нас і склалася такая каманда. Да нас прыйшлі працаваць такія педагогі, як Ганна Аронаўна Кабакова, Святлана Аляксандраўна Карповіч, Святлана Вячаславаўна Кісялёва. І былі добрыя вынікі, і было ўзаемаразуменне…
Эма Міхайлаўна ніколі не павышала голас на калег, заўсёды у школу прыходзіла з добрым настроем, да вучняў адносілася з любоўю, імкнулася зразумець кожнае дзіця.
Старанная праца педагога была заўважана. Спачатку Эма Міхайлаўна атрымала званне “Старшы настаўнік”, у 1995 годзе ўзнагароджана значком “Отличник образования Республики Беларусь”, была ўдзельнікам першага агульнага рэспубліканскага з’езда дэпутатаў у 2000 годзе, дэлегатам трэцяга Усебеларускага народнага сходу, мае шэраг Ганаровых грамат розных узроўняў.

Акрамя таго, 20 гадоў абіралася настаўніца і народным засядацелем, чатыры скліканні — дэпутатам Чэрвенскага раённага Савета дэпутатаў, узначальвала дэпутацкую камісію па адукацыі, ахове здароўя, сацыяльных пытаннях і культуры.

У сям”і Анціпенкаў – двое дзяцей. Дачка Ірына і сын Аляксандр атрымалі вышэйшую адукацыю. Адна ўнучка Лізавета таксама стала настаўніцай, другая – вучыцца ў БДУ на факультэце знешнеэканамічных зносін.

Эма Міхайлаўна не згубіла свой творчы патэнцыял. І сёння з задавальненнем ідзе да дзяцей у сацыяльна-педагагічны цэнтр, дзе працуе кіраўніком сацыяльнага прытулку. Тут яе з радасцю сустракаюць дзеці. Яны чакаюць яе, як маму, прыязна туляцца да яе…

— Я шчаслівая тым, што ў мяне ёсць сябры, — гаворыць Эма Міхайлаўна, — ёсць былыя вучні, якія прыязджаюць, запрашаюць на святы, пішуць і тэлефануюць. І радуюся таму, што кожны дзень іду на работу да дзяцей і магу штосьці ім даць…

Шаноўная Эма Міхайлаўна! Прыміце ад калектыву рэдакцыі шчырыя віншаванні з нагоды юбілею. Здароўя Вам, шчасця і дабрабыту.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.
Фота аўтара

45 раз (а)